Запрашаем на прэзентацыю зборніка!

2 ліпеня а 15-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае на прэзентацыю зборніка “У іх жыцці была вайна”, дзе прадстаўлены творы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і “дзяцей вайны”. Выданне зборніка рэалізавана ў межах сумеснага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Мастацкае слова – як штык Перамогі” паміж музеем і Мінскім абласным аддзяленнем грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

У кнізе змешчаны асобныя паэтычныя, празаічныя і публіцыстычныя творы пісьменнікаў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія з’яўляюцца ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ці чыё дзяцінства прыйшлося на гады ваеннага ліхалецця. Змест гэтых твораў – своеасаблівая споведзь сведкаў жахаў таго часу, аповед аб высокіх учынках людзей, якія апынуліся ў небяспечных для жыцця абставінах.

Чытач мае магчымасць пранікнуцца літаратурна-мастацкім адлюстраваннем франтавых падзей, болем страты родных і блізкіх, запаветам для нашчадкаў захоўваць памяць аб мінулым, аберагаць мір і спакой беларускага народа, ствараць надзейную будучыню.

Выданне прысвечана 80-годдзю Вялікай Перамогі. Укладальнік – намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, рэдактар аддзела паэзіі штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, паэт Рагнед Малахоўскі.

Падчас мерапрыемства прагучаць прамовы арганізатараў праекта, а таксама выступы пісьменнікаў – аўтараў зборніка (М.А.Шакун, Дз.Л.Вінаградава, В.М.Шытыка і інш.).
Напрыканцы сустрэчы чакае музычны блок у выкананні рэжысёра, мастацкага кіраўніка Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” Алесі Сівохінай.

Уваход вольны!

Усе госці мерапрыемства атрымаюць зборнік “У іх жыцці была вайна” ў падарунак, таксама будзе магчымаць атрымаць аўтограф ад укладальніка і аўтараў выдання.

Чакаем усіх зацікаўленых!

Адрас: г. Мінск. вул. М.Багдановіча, 13.

Тэл. +375 17 370 99 32.

330