Дзяржаўная ўстанова «Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей»

Рашэнне аб адкрыцці раённага гісторыка-краязнаўчага музея пры аддзеле культуры было прынята 30.10.1989 г., афіцыйнае адкрыццё адбылося 14.01.1995 г. З 01.01.2005 г. рэарганізаваны ў ДУ «Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей», куды ўвайшлі: музей, кватэра-музей мастака М. К. Сеўрука (1996), ганчарная майстэрня (2001) і музейны аб'ект «Кузня» (2006). Асноўным накірункам з’яўляецца краязнаўчая дзейнасць, вывучэнне рамёстваў Нясвіжчыны.

Экспазіцыя музея складаецца з 5 стацыянарных — «Зберагаючы самабытнасць» (2011), «Гандаль і рамёствы Нясвіжчыны» (2008), «Нясвіж. Старонкі легенд і гісторыі» (1998), «Вайна. Трагедыя. Подзвіг» (2005), «Выратаваныя каштоўнасці» (1999) — і 2 выставачных залаў, у якіх штогод адкрываецца больш за 15 выстаў рознай тэматыкі (мастацкія, патрыятычныя, з пасольстваў розных краін).

Асноўны фонд на 01.01.2024 года налічвае 14214 адз., размеркаваны паміж 18 калекцыямі, найбольш значныя з якіх — «Жывапіс і графіка», «Фотадакументы», «Дакументы», «Кнігі і друкаваныя выданні», «Посуд», персанальная калекцыя мастака М. К. Сеўрука (1240 адз.). Унікальнымі прадметамі з’яўляюцца: куфель, т.зв. «Талеравы кубак», серабро, Кёнігсберг, 1720—1757 гг.; літургічная кніга памінальнай месы лацінскай традыцыі – Рэквіем нясвіжскага (?) бернардзінскага кляштара, змяшчае песнапенні XVI — XVII СТст. са старажытнай натацыяй, Вільня, 1841 г.; клад (шкляны, фарфоравы і металічны посуд — 141 прадмет) знойдзены ў падвале касцёла кляштара бенедыкцінак у Нясвіжы ў 1988 г. Польшча (?), к. ХІХ — п. ХХ ст.