Не простая рэч - каляндар

На пачатку 2015 г. у Нясвіжскім раённым краязнаўчым музеі адбылася першая сёлетняя імпрэза, прысвечаная каляндарам ці, больш дакладна, каляндарнай традыцыі – жаданню беларусаў упрыгожваць новы год цікавым і адметным календаром.

Добрай падставай для сустрэчы былі адразу дзве нагоды. Выйшаў у свет чарговы каляндар-2015 у серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына”, цалкам укладзены з пейзажных твораў, Святога пісання і дзённікавых запісаў Яўгена Ждана -- мастака з нясвіжскай прапіскай, заслужанага дзеяча культуры Беларусі; а другой нагодай была новая экспазіцыя музея да 55-годдзя творчай дзейнасці земляка.

Гаворка пра каляндар, прысвечаны мастаку, адбывалася на фоне яго карцін. А паразважаць на актуальную тэму музейшчыкі запрасілі цікавага субяседніка -- аўтара праекта “Маляўнічая Бацькаўшчына”, выдаўца і журналіста Валерыя Дранчука.

Навуковы супрацоўнік музея Ірына Калібаба адзначыла: “Мы ведаем, што каляндарная серыя “Маляўнічая Бацькаўшчына”, таксама, як і спадчына Яўгена Ждана, мае нясвіжскую прапіску, пачыналася менавіта з Нясвіжа, з каляндара палацава-паркавых краявідаў. Наступны каляндар “Маляўнічай Бацькаўшчыны” быў прысвечаны спадчыне Міхала Сеўрука, яго альбому алоўкавых замалёвак “Графіка травы і лісця”. А сёлета маем трэці -- “Зямля маіх сноў”, з краявідамі ад Яўгена Іванавіча Ждана”.

“Трэці”, заўважым, гэта ўжо трынаццаты ў серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына”. А дагэтуль выходзілі ў свет календары, прысвечаныя беларускім сядзібам на малюнках Напалеона Орды, дубам і дубровам, рэкам і багнам, святым крыніцам, юбілеям Янкі Купалы і Якуба Коласа, дзіцячым экалагічным пленэрам і інш.

Усе календары серыі былі раскладзеныя на вялікім круглым стале, дзе працягвалася сустрэча-прэзентацыя, удзельнікі гасцёўні падзяліліся думкамі пра свой запаветны каляндар, пра сямейныя традыцыі выбару і карыстання каляндарамі. Шчыра, неабыякава гаварылі ўдзельнікі сустрэчы. “Такая зацікаўленая гаворка -- добры паказчык, -- падвёў рысу Валерый Дранчук. – І яна аказалася як нідзе да месца ў краязнаўчым музеі. Бо каляндар – гэта матэрыялізаваная часцінка часу, у рэшце рэшт, гэта наша жыццё, значыць, больш, чым простае адлічэнне астранамічных адзінак – года, месяца і г.д. Гэта гісторыя і нават філасофія часу.

Наталля Плакса,
краязнаўца, удзельнік праекта “Маляўнічая Бацькаўшчына”
724