Выстава скульптараў Льва Мікалаевіча і Сяргея Львовіча Гумілеўскіх “Шлях да Нясвіжа”

Пачынае працу выстава двух скульптараў – бацькі і сына – Гумілеўскага Льва Мікалаевіча і Гумілеўскага Сяргея Львовіча. У гэтых скульптараў вельмі многае ў жыцці звязана з Нясвіжам, таму яны назвалі яе “Шлях да Нясвіжа”.
Гумілеўскі Леў Мікалаевіч. Нарадзіўся 31 кастрычніка 1930 г. ў Маскве. Пасля вайны апынуўся ў Нясвіжы. Вучыўся ў мастацкай студыі ў мастака М.К. Сеўрука. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў народных мастакоў Беларусі А.К. Глебава, А.А. Бембеля. Народны мастак Беларусі (1991).
Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры.
Асноўныя творы: помнікі Я. Купалу ў Мінску (у сааўтарстве), помнікі Я. Янішчыц, Ал. Клімавай у Мінску, мемарыяльная дошка Ф. Багушэвічу ў Вільнюсе, помнік “Плошча Славы” у Магілёве; станкавыя кампазіцыі “Скіф”, “Партызанская сям’я”, “А. Міцкевіч” “К. Каліноўскі”, “Ценям Касцюшкі”, “А. Пушкін” і іншыя.
Л.М. Гумілеўскі - лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1974), лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы (2010), узнагароджаны сярэбраным медалём імя Грэкава (1983), медалём Ф. Скарыны (2000).
Гумілеўскі Сяргей Львовіч. Нарадзіўся 29 сакавіка 1963 г. у Мінску. З 1981 па 1987 г. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1994 па 1997 г. стажыраваўся ў творчых акадэмічных майстэрнях: вучыўся ў Л. Давідзенкі, Л.Гумілеўскага, М. Савіцкага. Сябра Беларускага Саюза мастакоў (1990). Лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы (2010).
Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры.
Асноўныя творы: “Галубка” у Цэнтральным батанічным садзе Мінска, кампазіцыя “Юнацтва” у Мінску, станкавыя працы “Добравешчанне”, “Ефрасіння Полацкая”, “Францыск Скарына”, “Зорка Вянера”, “Кветка-лілея” і іншыя.
Сумесныя творы: помнік К. Тураўскаму ў Гомелі, надмагілле М. Багдановічу ў Ялце, помнік В. Дуніну-Марцінкевічу ў Бабруйску, дэкаратыўная кампазіцыя “Балет” у Мінску, помнік Ф. Багушэвічу ў Смаргоні, помнік Я. Купалу ў Маскве (Прэмія Союзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і за 2009–2010 гады ад Расіі і Беларусі).
Творчасць скульптараў звязана і з Нясвіжам, дзе ў гістарычным парку ўстаноўлена знакамітая для ўсіх гараджан паркавая кампазіцыя “Русалка”, а таксама бюсты Юрыю Нясвіжскаму і Мікалаю Хрыстафору Радзівілу Сіротцы (Леў Мікалаевіч Гумілеўскі), Яну Марыю Бернардоні і Уладзіславу Сыракомлю (Сяргей Гумілеўскі).
Львом Мікалаевічам былі зроблены мемарыяльныя дошкі ксяндзу Гжэгашу Каласоўскаму і мітрафорнаму протаіерэю Дзмітрыю Пятровічу Хмелю. Працягам “нясвіжскай тэмы” стала сумесная праца над трыпціхам “Сказ аб Нясвіжы”, які знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы РБ; копія трыпціха спецыяльна падрыхтавана для выставы ў Нясвіжы.
Пазнаёміцца бліжэй з цудоўнымі творамі скульптараў можна на выставе, якая будзе працаваць з 9 лютага па 20 сакавіка 2012 г.
167